Тапонімы і мікратапонімы аграгарадка Cтрыгінь

Тапонімы і мікратапонімы аграгарадка Cтрыгінь / склад. С. М. Пунько. — Бяроза : ДУК «Бярозаўская раённая бібліятэчная сістэма», Стрыгінская сельская бібліятэка, 2022.

 
Як з выраю, сюды ляцець,
Вяскоўцы дзе авечак стрыглі.
У думках, сэрцам – да Стрыгіні.
Дзе родны дом ёсць, 
Дзе павець…                                         
А. Казловіч-Усцілоўская
 
Ідуць гады, мяняюцца часы, падзеі, людзі, але адно застаецца непарушным і вечным – Радзіма. Нам здаецца, што мы ведаем пра нашу малую Радзіму ўсё ці амаль усё. Але кожны раз, калі мы падарожнічаем, назіраем, чытаем, даследуем і думаем пра яе, мы адкрываем для сябе нешта новае. І сёння кожны з нас мае магчымасць падзяліцца гэтым новым: новымі фактамі, новымі вершамі, новымі думкамі аб сваім краі, горадзе, сяле – расказаць свету аб сваёй малой радзіме з вялікай душой…
У нашай вёсцы шмат прыгожых мясцін, за якія чапляецца чалавечае вока. Глянеш на Гі́рыну гору́ – стройныя маладыя сасёнкі ўпэўнена і дружна падымаюць свае галінкі да сонца, за Гурэ́цкімі, як быццам на парад, выстраіліся прыгажуні-елкі, за Рома́ніхой – бярозавы гай з роўных бяроз-аднагодак.
У гэтым нарысе я хачу расказаць пра тыя мясціны нашага краю, якія на слыху ў кожнага жыхара, хоць многіх з іх няма на карце: пра мясцовыя тапонімы і мікратапонімы.
Расшыфроўкай назваў сваёй мясцовасці займаецца тапаніміка.
Тапаніміка –  навука, якая вывучае геаграфічныя аб’екты (тапонімы), іх функцыянаванне, значэнне і паходжанне, структуру, развіццё і змяненне ў часе.
У нарысе разглядаюцца наступныя класы тапонімаў:
• айконімы (назвы населеных пунктаў: гарадоў, вёсак, мястэчкаў, пасёлкаў, хутароў);
• урбанонімы  (назвы тапаграфічных аб’ектаў у межах населенага пункта: вуліц, плошчаў, завулкаў, магазінаў, тэатраў, кафэ і г. д. Сярод  урбанонімаў  выдзяляюць некалькі відаў. Так, гадонімы – гэта  назвы лінейных аб’ектаў: вуліц, завулкаў, бульвараў, праспектаў, пераездаў, набярэжных);
• гідронімы (геаграфічныя назвы водных аб’ектаў: азёр, рэк і рачулак, сажалак, вадасховішчаў);
• мікратапонімы (назвы дробных, невялікіх аб’ектаў: палёў, узлескаў, гаёў, палянак, лясоў,  сенажацяў, балот і  г. д.).