Сялец: любыя сэрцу вясковыя вуліцы / склад. і фотаздымкі Т. Р. Ліннік. — Бяроза : ДУК «Бярозаўская раённая бібліятэчная сістэма», Сялецкая сельская бібліятэка, 2022. — 10 с., [2] л.: іл.
У кожнага з нас ёсць дарагі сэрцу куток, месца, дзе мы нарадзіліся. Куды б ні закінуў нас лёс, заўсёды хочацца вярнуцца назад, у той дом, дзе прайшло дзяцінства, на тую вуліцу, дзе выраслі. Нам часта здаецца, што пра свае родныя мясціны мы ведаем усё, ці амаль усё. І гэта дапамагае яшчэ больш любіць свой край, сваю родную вёску, разумець, што мы — малая часцінка нашай Радімы,
Свой летапіс Сялец вядзе з часоў Вялікага княства Літоўскага: упершыню ў пісьмовых крыніцах ён згадваецца ў 1397 годзе ў грамаце вялікага князя Вітаўта. За сваю шматвекавую гісторыю Сялец быў мястэчкам, сялом, затым вёскай, а цяпер гэта аграгарадок.
Сучасны воблік Сяльца значна адрозніваецца ад Сяльца мінулага. У апошнія дзесяцігоддзі аграгарадок папоўніўся шэрагам новых вуліц: Ціхай, Маладзёжнай і Навасёлаў. А назвы старых вуліц амаль усе былі заменены на новыя. Але колішнія назвы вуліц — люстэрка багатай гісторыі Сяльца, яны сведчаць аб самабытнасці вёскі і яе жыхароў. Гэтыя назвы — каларыт нашай малой радзімы, яе непаўторнасць, і патрэбна захаваць іх, не даць растварыцца ў часе.