Мы тут нарадзіліся, выраслі, працуем. Але ці цікавімся мы мінулым той мясцовасці, з якой звязана наша жыццё? Ці ведаем, адкуль пайшлі назвы вёсак Сакалова і Агароднікі, назвы мясцовых урочышчаў, дарог, лугоў, лясоў — мікратапонімы?
Згодна з «Кратким топонимическим словарем Белоруссии» В. А. Жучкевіча, назва вёскі Сакалова вытворная ад прозвішча Сокалаў, Сокал.
Існуе некалькі легенд аб паходжанні назвы Сакалова.
Легенда першая. Быў сасланы калісьці царскімі ўладамі ў ссылку на ўскраіны чыноўнік Сакалоў. Ён заснаваў невялікае паселішча. Гады ішлі, паселішча перайшло на новае месца і атрымала назву Сакалова.
Легенда другая. Калісьці на гэтым месцы вёскі не было, яна знаходзілася ва ўрочышчы Магдаліна. Падчас Паўночнай вайны (1700–1721) шведскія войскі праходзілі праз вёску. Нешта тут здарылася: ці то прадуктаў не атрымалі, ці то чымсьці не дагадзілі жыхары захопнікам, але шведы спалілі вёску і забілі жыхароў. У жывых застаўся адзін чалавек, якога не было ў вёсцы падчас трагедыі. Яго звалі Саколік. Ён і заснаваў вёску Сакалова.
Легенда трэцяя. У гэтых лясных мясцінах часта паляваў адзін пан, які любіў сакалінае паляванне. Ад назвы птушкі сокал і пайшла назва вёскі.
Вёскі з назвай Агароднікі ёсць у многіх раёнах Брэстчыны, у тым ліку і ў Бярозаўскім. Згодна з легендай, у даўнія часы вакол вёскі Сакалова былі дрымучыя лясы, людзі шукалі сярод лясоў кавалачкі зямлі для апрацоўкі. Зямлю гэтую называлі агародамі. Некаторыя сталі будаваць тут хаты. Так з’явілася новае паселішча, якое атрымала назву Агароднікі.
Даследчык В. П. Лемцюгова ў кнізе «Тапонімы распавядаюць» сцвярджае: «Агароднікі — катэгорыя сялян у ВКЛ, якія мелі прысядзібны надзел зямлі (агарод) непадалёку ад вялікакняжацкага або панскага маёнтка, за што выконвалі пэўныя павіннасці. У XVIII – 1-й пал. XIX ст. агароднікамі называлі жыхароў беларускіх вёсак і мястэчак, якія мелі толькі хату і агарод».
Умовы жыцця. Двары ў вёсках былі забудаваны вельмі густа, хаты былі невялікія. Падлогі — гліняныя або проста пясок. Шмат дамоў было курных, гэта значыць без комінаў. Вокны маленькія. Дамы асвятляліся лучынай, рэдка ў каго былі газавыя лямпы. Людзі жылі і харчаваліся бедна. Цукар куплялі рэдка, толькі для хворых у невялікіх колькасцях. Белы хлеб дазвалялі сабе на вялікія святы. Яйкі і мяса прадавалі на базары для выплаты падаткаў.