Ёсць гісторыя, напісаная вучонымі. Яна змяшчаецца ў кнігах, падручніках, летапісах, дакументах… А ёсць гісторыя, што перадаецца з вуснаў у вусны, з года ў год. І так дзесяцігоддзямі, стагоддзямі…. І чым далей ад нас, тым больш недакладная, бо абрастае ўжо прыдуманымі пазней дадатковымі звесткамі. А ў народзе жывуць яны пад выглядам легендаў, паданняў, пад выглядам назваў вёсак і рэк, мастоў, лугоў, палянак, узгоркаў і дарог…
Не ўсе назвы і паданні трапілі на старонкі кніг і ў дзённікі навукоўцаў. Носьбітамі такой інфармацыі з’яўляюцца ў асноўным старыя людзі. На жаль, яны адыходзяць ад нас, а разам з імі страчваюцца і мясцовыя назвы — тапонімы.
І няма на зямлі, напэўна, ні адной такой мясціны, якая б не мела сваёй «вуснай» гісторыі. Яна, гэтая «вусная», ці «народная» гісторыя, а, дакладней, тапаніміка, з’яўляецца самай сапраўднай і самай дакладнай праўдай жыцця кожнага куточка роднай Бацькаўшчыны.
Тапонімы звязаны з жыццём людзей, яны ў пэўнай ступені іх гісторыя, помнікі народнай творчасці, і таму іх неабходна зберагаць і захоўваць.
Мікратапонімы часцей за ўсё выкарыстоўваюцца мясцовымі жыхарамі ў паўсядзённым жыцці для ўдакладнення месцазнаходжання чалавека ў час адпачынку ці працы, наяўнасці ў гэтых мясцінах прыродных дароў, пры ўспамінах аб падзеях мінулага.
З маленства мы запамінаем, як называецца луг каля ракі, поле, на якім працуюць бацькі, сцежка, што вядзе ў лес, а ён таксама мае сваю назву… І кожны з нас, відаць, задумваецца, чаму яны названы так, а не інакш.
Назва кожнай мясціны адметная, запамінальная. Калі называюць яе навукоўцы, то гэта гучыць так —мікратапонімы (ад грэчаскага слова мікрос (малы) і топас (мясціна) + оніма (імя).
Ведаючы мікратапонім, можна беспамылкова трапіць у любое названае месца. Мяняюцца пакаленні людзей, сціраюцца з памяці розныя прадметы, бо выходзяць з ужытку, а назва застаецца, мы ёй карыстаемся, арыентуемся ў пэўным месцы. Вось гісторыя ўзнікнення некаторых тапонімаў і мікратапонімаў аграгарадка Падкраічы і яго ваколіц.