Мая родная старонка : вёска Спорава ў творах паэтаў-спараўцоў

Мая родная старонка : вёска Спорава ў творах паэтаў-спараўцоў / склад. А.М. Гук. – Бяроза : ДУК “Бярозаўская раённая бібліятэчная сістэма”, Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦРБ, 2019. – 26 с. – (Серыя “Бярозаўшчына літаратурная”).

Спорава — вёска, якая мае даўнюю і багатую гісторыю і асаблівы ўклад жыцця. Вяскоўцы збераглі шматвекавыя традыцыі і звычаі, у якіх змясціліся гісторыя і народная духоўнасць, быт і працоўны каляндар, адносіны да мовы і сям’і.

Адной з асаблівасцяў самабытнай вёскі Спорава з’яўляецца вялікая колькасць  паэтаў-аматараў. Адгадайце рэбусы і вы даведаецеся, аб чым расказваюць у сваіх творах Вольга  Пашкевіч, Іван  Чайчыц, Марыя  Ваўчок, Мікалай Пашкевіч, Мікалай Чайчыц.

Цікава, што ўсе славутасці вёскі маюць у назве слова “Спораўскі”.

Вольга Ануфрыеўна Пашкевіч
Спараўчанка

Спараўчанка, спараўчанка

Спорыць з вечару да ранку,

Спорыць дружна за работай.

І з вялікаю ахвотай

Спараўчанка сее, косіць,

Дапамогі ў Бога просіць.

У лузе, у полі ўсё збірае,

Па-над возерам спявае.

Сядуць у лодку грамадою –

Песня льецца над вадою.

Хай далёка песня льецца,

Хоць нявесяла жывецца.

Іван Паўлавіч Чайчыц
Cпорава

Край мой палескі,
Спораўскі край –
Балоты, узлескі,
Шуміць побач гай.

Азёрныя хвалі
Мне песні спяваюць,
Прасторы і далі
Ад сэрца вітаюць.

Куды ўзор ні кінеш,
Ні ступіш і крок –
Усюды сустрэнеш
Чароўны куток.

Вясенняй парою
З усёй Беларусі
Ляцяць да нас з выраю
Лебедзі-гусі.

Ласкавае сонца
З возерам грае,
Я рады бясконца,
Што тут пражываю.