МА́ЛЕЧ — назва ўтворана ад асновы мал (малы, невялікі) з дапамогай суфікса. Малеч — бытавая назва дзяцей-малалетак; тыповая старабеларуская прыказка: «А ў хаце адна малеча ды галеча».
Згодна легендзе, калісьці ў нашай мясцовасці жылі бацька і тры сыны. Пасталеўшы, два сыны сышлі з дому, а трэці застаўся прыглядаць за старым бацькам. Паміраючы, бацька з жалобаю сказаў: «Эх, малеч, ты мая малеч». Адсюль і пайшла назва вёскі.
Другая легенда паведамляе, што яшчэ ў старажытныя часы, калі людзі верылі ў сваіх суровых багоў, тут існавала невялікае паселішча. У адной сям’і было дзіця-калека. Працаваць хлопчык не мог, але затое валодаў дарам прадбачання. Нейкі нядобразычлівец хацеў нашкодзіць гэтай сям’і, перыядычна падпальваў амбар з зернем. Хлопчык папярэдзіў пра наступны падпал і дапамог злавіць злодзея сваімі парадамі, чым здзівіў сваю сям’ю і суседзяў. «Трэба ж, хоць і малеч, а разумней другога дарослага будзе», — усклікнуў хтосьці з аднавяскоўцаў. Адсюль і пайшла назва Малеч.
Трэцяя легенда простая, і, што немалаважна, называе імя заснавальніка вёскі. Згодна легендзе, вёскай валодаў багаты чалавек Мал. Фраза «Мал уладарыў сяльцом» азначае, што вёска ўжо існавала, па ўсёй бачнасці, ён і заснаваў гэтае паселішча.
Упершыню ў пісьмовых крыніцах Малеч згадваецца ў 1427 годзе, калі з дазволу вялікага князя літоўскага Вітаўта ў вёсцы быў заснаваны праваслаўны прыход, праіснаваўшы да прыняцця Брэсцкай царкоўнай уніі. Выгаднае становішча на гандлёвым тракце, які праходзіў з Пінска ў Гродна, стала адной з прычын пераўтварэння Малеча ў горад з падараваннем яму самакіравання па Магдэбургскаму праву каралём Рэчы Паспалітай Уладзіславам IV у 1645 годзе.