Адной з крыніц пазнання роднага краю з’яўляюцца тапонімы і мікратапонімы (тапонімы — назвы геаграфічных аб’ектаў, мікратапонімы — назвы невялікіх прыродна-геаграфічных аб’ектаў, што знаходзяцца на пэўнай тэрыторыі і вядомыя вузкаму колу людзей, якія там жывуць). Пакінутыя нам у спадчыну продкамі, яны апавядаюць пра карані народа, яго гісторыю, схільнасці і асаблівасці побыту.
На тэрыторыі Бярозаўскага раёна налічваецца 111 населеных пунктаў: гарады Бяроза і Белаазёрск і 109 вёсак.
У кожным горадзе і вёсцы ва ўсе часы людзі давалі свае назвы палям, лясам, урочышчам, хутарам, дарогам, пагоркам, лугам, крыніцам, балотам і г.д. Мясцовыя назвы характарызуюцца трапнасцю і дакладнасцю, адлюстроўваюць прыродныя асаблівасці, месцазнаходжанне аб’ектаў, называюць іх уласнікаў, указваюць на заняткі мясцовых жыхароў і даюць шмат цікавых звестак аб укладзе жыцця людзей у пэўнай мясцовасці.
Вучоныя сцвярджаюць, што кожны населены пункт мае ад 20 да 100 мікратапонімаў. На жаль, усё менш людзей карыстаецца старымі назвамі, яны змяняюцца, забываюцца і з цягам часу могуць зусім згінуць. Таму так важна збіраць і захоўваць іх як часцінку гісторыі нашай краіны.
У выданні зроблена спроба сабраць інфармацыю аб паходжанні назваў населеных пунктаў (айконімаў), рэк і азёр (гідронімаў) Бярозаўшчыны з розных літаратурных крыніц. Выкарыстаны выданні і публікацыі па тапаніміцы вядомых беларускіх вучоных В. Жучкевіча, В. Лемцюговай, Л. Леванцэвіч, Ф. Клімчука, А. Рогалева, даследаванні гісторыі родных мясцін пісьменнікаў-краязнаўцаў М. Пейгана, А. Разанава, А. Кенды, А. Гладышчука, А. Казловіча, дыпломная праца студэнта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта А. Барнюка і інш.
Таксама выданне змяшчае матэрыялы раённага бібліятэчнага праекта «Летапіс зямлі: тапонімы і мікратапонімы Бярозаўскага раёна», падчас рэалізацыі якога ў 2021–2022 гг. былі сабраны мікратапонімы шэрагу населеных пунктаў Бярозаўшчыны. Выкарыстаны звесткі, прадастаўленыя бібліятэкарамі Боркаўскай, Вайцяшынскай, Кабакоўскай, Малецкай, Міжлескай, Падкраіцкай, Сакалоўскай, Светацкай, Сігневіцкай, Стрыгінскай, Сялецкай, Хрысаўскай і Ястрабельскай сельскіх бібліятэк.
Удзельнікамі праекта праведзена работа па зборы назваў, разгледжана іх значэнне і сувязь з гісторыяй населеных пунктаў. У працэсе збору матэрыялу супрацоўнікі бібліятэк правялі апытанні жыхароў, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі і добра ведаюць яе. Найбольш каштоўныя звесткі былі сабраны ў ходзе гутарак са старажыламі, памяць якіх захоўвае не толькі падзеі, сведкамі якіх яны былі самі, але і ўсё пачутае ад бацькоў і дзядоў.
Матэрыял у выданні размешчаны ў алфавіце назваў населеных пунктаў, напісанне якіх падаецца згодна нарматыўнаму даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць» (2010 г.) [20, с. 93–104]. Мікратапонімы згрупаваны па населеных пунктах, да якіх адносяцца. Частка мікратапанімаў падаецца на мясцовым дыялекце.
У выданне не ўключаны легенды і паданні аб паходжанні назваў гарадоў і вёсак Бярозаўшчыны. З імі можна пазнаёміцца ў выданні аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦРБ «Таямніцы роднага краю» (2018 г.).