Ад продкаў дасталася нам створаная іх працавітымі рукамі, выведзеная на шлях цывілізацыі наша родная Беларусь. Але да якога прагрэсу мы ні дайшлі б, трэба ведаць, што ля яго вытокаў стаялі нашы далёкія і блізкія продкі. Гэта нас абавязвае шанаваць у памяці ўсё, што звязана з іх жыццём, каб гэтак жа сама некалі шанавалі і нас будучыя пакаленні. Яны наўрад ці даруюць нам, калі мы не захаваем багатую тапанімічную спадчыну, у якой так яскрава адлюстравана ўсё нялёгкае жыццё беларускага народа.
Прымаўка «Хто бацькоў не шануе, той сабе такую долю рыхтуе» абавязвае нас вывучаць і зберагаць тапонімы і мікратапонімы, атрыманыя ад продкаў, перад памяццю якіх мы знаходзімся ў неаплатным даўгу.