Смачна есці: cтравы, характэрныя для вёскі Вайцяшын Бярозаўскага раёна / склад. Л. І. Рудзьман. — Бяроза : ДУК «Бярозаўская раённая бібліятэчная сістэма», Вайцяшынская сельская бібліятэка.
Небагата жылі нашы дзяды-прадзеды. Перабіваліся часам з хлеба на квас. Але ж і ў іх былі святы з гасцямі, з песнямі за шчодрым сталом. І будні дзень, бывала, радаваў як свята, калі на стале з’яўляліся сытныя, духмяныя стравы.
ВЯЧЭРА
— Чэрава, чэрава,
Чым ты павячэрала?
— Павячэрала капустай,
Аржанога хлеба лустай,
Свежасмажаным ліном,
Свежаспечаным бліном,
Бабкаю з начынкаю,
Сальцісонам,
Шынкаю,
Хатняю каўбаскаю,
Вантрабянкай наскаю.
А яшчэ былі,
Канешне,
І мачанка,
І яешня,
Сала,
Грэчневая каша,
І смятана,
Сыракваша…
Усяго і не панесці.
А ўсё роўна хачу есці…
Г. Бураўкін
Выданне знаёміць са стравамі беларускай кухні, якія раней гатавалі жыхары вёскі Вайцяшын ў паўсядзённым жыцці і падчас свят. Дарэчы, вельмі многія старадаўнія стравы гатуюцца і сёння і з’яўляюцца сапраўдным упрыгожваннем стала, робяць сучаснае меню болей вытанчаным, разнастайным, карысным.
Рэцэпты страў запісала з вуснаў жыхарак вёскі Вайцяшын Рудзьман Алены Фёдараўны, Цімафейчык Надзеі Аляксееўны, Чарных Марыі Ільінічны бібліятэкар Вайцяшынскай сельскай бібліятэкі Л. І. Рудзьман.