Слоўнік мікратапонімаў вёскі Хрыса і яе ваколіц

Слоўнік мікратапонімаў вёскі Хрыса і яе ваколіц / склад. Н. М. Філіпчук. — Бяроза : ДУК «Бярозаўская раённая бібліятэчная сістэма», Хрысаўская сельская бібліятэка, 2022. — 10 с.

 

Родны куточак! Ён заўсёды прыгожы, у любую часіну года. І тады, калі зямля робіцца белаю-белаю,  а над усім пануе холад, і ў летнюю спёку, у дождж і пасля дажджу, і залатою восенню, і пявучаю вясною, і ўдзень, і ўночы, і з ветрам, і без  ветру, маладзіком і ў поўню нам заўсёды прыгожы наш беларускі родны край. Але ў кожнага з нас у гэтым краі ёсць па-свойму прыгожая і адметная мясцінка — там мы нарадзіліся, там жывуць нашы бацькі і там наш бацькоўскі дом. 

Сапраўды, наша малая радзіма, вёсачка Хрыса, размясцілася на беразе возера Чорнага. А ці ведаеце вы, чаму наша вёска мае такую назву?

Тлумачэннем назваў, якія мы атрымалі ў спадчыну ад мінулых пакаленняў, займаецца спецыяльная   навука  —  тапаніміка.   Згодна з ёй, назва вёскі Хрыса  ўтворана ад варыянту імя Хрыстафор.

Старажылы вёскі пацвярджаюць навуковую версію і расказваюць, што назва вёскі ўтворана ад імя першапасяленца гэтай мясцовасці — Хрыстафора. Кажуць, што раней вёска называлася Хрыста,  з цягам часу літара т выпала і ўтварылася сучасная назва — Хрыса.

З маленства мы засвойваем, як называецца луг ля ракі ці возера, поле, на якім працуюць бацькі, балота, на якім рыхтуецца сена. І кожны з нас, відаць, задумваўся, чаму яны называюцца так, а не інакш.

У назвах урочышчаў адлюстравана праца людзей, эканоміка, гісторыя і прыродна-геаграфічныя ўмовы краю, сімвалы, звычаі і нормы паводзінаў. Беларускія мікратапанімічныя назвы — гэта не толькі пэўная частка лексікі, а духоўны скарб народа, у якім захавалася жыццёвая філасофія і псіхалогія нашых продкаў.

Мікратапонімы (грэц. micros малы + topos мясціна + onyma імя) — гэта назвы дробных геаграфічных аб’ектаў: палёў, лясоў, сенажацяў, лугоў, дарог, ручаёў, балот, урочышчаў. Мікратапонімы — важная крыніца вывучэння мовы народа, яго гісторыі, геаграфіі, археалогіі і геаграфіі. Вядома,  што  каля  кожнай  вёскі  20–100  урочышчаў маюць свае назвы.